КАЛАТЭРА́ЛЬНЫ ПУЧО́К,

сасудзіста-валакністы цяж праводзячай тканкі раслін; састаўная ч. лісця, сцябла і кораня. Складаецца з драўніны (ксілемы) і лубу (флаэмы), якія мяжуюцца адным бокам. Бываюць адкрытыя, калі паміж ксілемай і флаэмай ёсць камбій (дае другасны прырост у таўшчыню, характэрны для двухдольных, голанасенных і некат. папарацепадобных) і закрытыя — без камбію.

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)